ІВЯНЕ́ЦКА-НАЛІБО́ЦКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НА ў Вялікую Айчынную вайну.
Утворана на тэр. Івянецкага і частках сумежных з ім раёнаў, якія кантралявалі партызаны. Цэнтр зоны — Налібоцкая пушча, адкуль вясной і летам 1942 пачалася ліквідацыя гарнізонаў ворага (гл. Налібоцкія баі 1942, 1943). Да восені 1943 тэр. зоны складала 2,5 тыс. км2. Яе ўтрымлівалі 5 брыгад (9 тыс. партызан), 3 асобныя атрады Івянецкага і Стаўбцоўскага партыз. злучэнняў. У зоне была адноўлена сав. ўлада, ліквідаваны ням. маёнткі, сялянам вернута нарабаваная маёмасць. На тэр. зоны базіраваліся падп. Баранавіцкі абком КП(б)Б, Івянецкія міжрайцэнтры КП(б)Б і ЛКСМБ, Валожынскі, Івянецкі, Мінскі, Стаўбцоўскі райкомы, Баранавіцкае партыз. злучэнне, выдаваліся падп. газ. «Чырвоная звязда», «Молодой мститель», «Народный мститель», «Искра». З канца 1942 пачаліся баі па абароне зоны і насельніцтва ад гітлераўцаў, асабліва цяжкія адбыліся ўлетку 1943 у час карнай аперацыі «Герман». Выкарыстоўваючы розныя тактычныя прыёмы, партызаны ні разу не пакінулі раёны сваёй дыслакацыі і ўтрымлівалі зону да вызвалення Беларусі ў ліп. 1944.
т. 7, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)